Quantcast
Channel: МОЗЫРЬ NEWS
Viewing all articles
Browse latest Browse all 31433

Музей «Палеская веда» — культурны цэнтр Мазыршчыны

$
0
0

Мы падыходзiм да парога. Ён раздзяляе нас сённяшнiх i нас учарашнiх, нас адроджаных i нас адышоўшых. Мы ў палоне стэрэатыпаў. Наш скептыцызм не абнадзейвае, ён супрацьстаiць пазнанню, але мы пераступаем гэты парог i ўваходзiм у музей.

Музей пачынаецца з парога, з гардэроба, з вестыбюля. Мастак-рэжысёр фармiруе спецыфiчнае эмацыянальнае асяроддзе, дзе паэзiя i сiмвалiзм экспазiцыйнай прасторы ахоплiвае нас адразу, заварожвае i не адпускае да канца агляду. Гэта нават не агляд, гэта  — падарожжа ў свет ценяў, вобразаў, сэнсаў, сутыкненне духоўнага i матэрыяльнага, Чалавека i Сусвета. Сусвет атаесамляецца з нашым уласным я, з домам, з вёскай, сям’ёй. Ён матэрылiзуецца ў звычайных для нас вобразах, рэчах, у кожным праяўленнi Быцця.

Музей «Палеская веда»

Музей назвалі «Палеская веда» (па аналогіі са старажытнаарыйскай «veda»  — веды). Пад гэтай назвай маецца на ўвазе ўсю сістэму практычных, міфалагічных, астаралагічных і фальклорных ведаў пра Сусвет і існаванне чалавека ў ім, якая была характэрна для гэтага абасобленага і ўнікальнага абшару чалавечай культуры, якім з’яўляецца Палессе.

Мазырскае Палессе  — гэта частка Сусвету,  яго цэласнае ўвасабленне. Прадмет захаплення i навуковых доследаў вядомых даследчыкаў даўнiны А.Сержпутоўскага i П.Шпiлеўскага, апаэтызаванае ў мастацкiх вобразах М.Пушкара, канкрэтызаванае ў этнакультурнай схеме этнографа В.Цiтова. Мы знаёмiмся з прасторай, у якой працякае наша падарожжа i спасцiгаем асноўны iнфарматыўны код экспазiцыйнага тэксту.  Перад намi  — Дрэва жыцця, касмаганiчная мадэль Сусвету. Наш шлях  — да яго вяршынi, ён бясконцы ў Сусвеце. Гэта шлях да ўдасканалення, гэта  — спасцiжэнне Духа: «Гэтак бясконца мне караскацца суджана па лесвiцы iмклiвых дзён да вяршынi жыцця, дзе сцяжынка ў цемрадзь абрываецца? Каб некага iншага павесцi ўслед за мною па цёплай i шчырай зямлi? А пакуль днi мае лiсцейкамi ўспыхваюць на Дрэве Божым, рыпучымi прыступкамi кладуцца на Лесвiцы Сусветнай. Iмкнуцца да кроны, у вышыню. Праз пакуты мае i бяссонне, праз боль i свята днi лятуць i знiкаюць. Лятуць i знiкаюць». Паэтычныя вобразы Антанiны Хатэнка дапамогуць нам зарыентавацца ў складанай прасторы экспазiцыйных залаў i зразумець сэнс дайшоўшага з глыбiнь вякоў паслання.

Музей «Палеская веда»1

У светаўяўленнях беларусаў-палешукоў  Прадрэва ці Дрэва жыцця  мадэлявала свет і па вертыкалі, і па гарызанталі, і ў часовых адносінах. Па вертыкалі яно злучала тры сферы: карэнні яго знаходзіліся ў Падзем’і, камель  — на зямлі, крона  — у небе. Па гарызанталі ў Дрэве адрозніваюць чатыры часткі: яно стаіць пасярод Свету, які разгортваецца ад яго ў чатыры бакі.

Мадыфікацыяй Дрэва жыцця з’яўляецца храм і сам чалавек: «Веды кажуць, што я таксама Дрэва Сусвету, крыж, расхрыстаны ў час і прастору. Бо галава мая  — сфера нябесная як у Дрэва Божага крона, як гонкая верхавіна ў крыжа; грудзі ды верхняя частка жывата  — зямная цвердзь: тут трапечацца свечка душы і раскашуюць парасткі жыцця; спод, нетра зямная  — ніз жывата і ногі, куды праз душу-грудзі заглыбляюцца карані».

 

Часовая мадэль свету  — гэта кругаварот, дзе няма пачатку, няма канца, толькі вечны паўтор і змена. «Насенне імкне ў парастак; парастак гадуе, налівае плод, у якім адаб’ецца ягоны, парасткавы вобраз; і зерне зноў рассеецца ветрам па зямлі, праб’ецца да святла сцяблінай… І няма ў жыццёвага вянца-карагоду ні пачатку, ні завяршэння, няма станішча, жытла ні ў цемры, ні ў святла, ні ў смерці, ні ў зачыну. Бо паўсюль ёсць, жыватворнае святло і паўсюль падсцярагае яго навалач цемры. Усё ў свеце белым знітавана, пераплецена».

Дрэва Жыцця  — гэта лёс чалавека ад нараджэння да смерці і да новага нараджэння. Праз хвіліну, апынуўшыся ў экспазіцыйнай прасторы прадметных вобразаў,  вы паспрабуеце прачытаць гэту складаную і адначасова простую, напоўненую паэзіяй і жорсткай прозай, кнігу жыцця, так як  пісалі нам яе нашы продкі-«дзяды», і якая  будзе блізкай і зразумелай вам, нягледзечы на тую эпічную аддаленасць, што раздзяляе нас, сённяшніх, і тых, што былі перад намі.

Наша з вамi падарожжа пачынаецца ад каранёў, ад прызьбы Дома, у якiм нараджаецца Сусвет, увасоблены ў Чалавеку. Мы  — удзельнiкi i персанажы найвялiкшага ў свеце спектакля, кожная дзея якога  — толькi прыступка на лесвiцы шляху, iмя якому Жыццё.

ДОМ – ЦЭНТР СУСВЕТУ. НАРОДЗIНЫ

Для нашых продкау дом, вёска  — гэта i ёсць увасабленне Космасу, гэта сваё роднае, тое, што супрацьстаiць Хаосу, чужой, неасвоенай прыродзе. Ужо блiжэйшы ад дома лес нясе на сабе варожыя рысы Хаосу. Заўсёды лiчылася, што «лепш за ўсё сялiцца на старой сядзiбе, дзе жылi дзяды i прадзеды.  Калi ж трэба выбiраць новае месца, то трэба перш там пасыпаць смецце, дай легцi на iм спаць, то прыснiцца, якая тут будзе жытка». Перш чым будаваць дом, гаспадар старанна выбiраў месца i выконваў шэраг рытуальных дзеянняў (абрад з павуком). Затым ачэрчваўся квадрат памерам з сядзiбу i з усiх бакоў клалiся камянi, якiя быццам бы абаранялi дом з усiх чатырох бакоў. У цэнтры ўмоўнага квадрата ставiлася маладое дрэўца (бярозка цi рабiнка), якое сiмвалiзавала Сусветнае дрэва. Асаблiвае, сакральнае значэнне мела ўкладка першага вянца. Пад вугал дома звычайна закопвалi галаву пеўня, якая сiмвалiзавала пачатак жыцця дома i была сваеасаблiвай ахвярай тотэмам-дрэвам. Сцены i страха дома iзалююць яго ад знешняга свету, а вокны i дзверы звязваюць з iм. Парог  — гэта сiмвалiчная мяжа памiж тым i гэтым светам.  Вось чаму жанiх першы раз уносiць нявесту ў дом на руках  — дзеля абароны ад уплываў таго свету.

Музей «Палеская веда»3

Чалавечае жытло напаўняецца крыкам немаўляцi. Качаецца люлька, спiць маленькi чалавечак. Уявiм сабе, як завiхаецца павiвальная бабка ля кошыка са скруткамi iльну, рушнiкамi, хлебам, вiном. Яшчэ за многа дзён да таго падрыхтавала яго парадзiха. У экспазiцыйным люстэрку адлюстроўваецца i наша дзяцiнства: ад першых крокаў у хадунках да школы.

ЯРЫЛАВЫ ЗАЧЫН. ЯДНАННЕ ДУХУ i МАТЭРЫI

На сваiм жыццёвым шляху мы перажываем некалькi ўзроўняў Быцця.  «Нараджэнне-пладанашэнне-смерць»  — вечная формула жыццёвай энергii. Сэнс жыцця чалавека  — адрадзiцца ў сваiх нашчадках, як раслiна, што паўтараецца ў насеннi. Наш свет мае бiпалярную структуру. Усё процiстаiць усяму: жыццё i смерць, дзень i ноч, святло i цемра, дабро i зло, жанчына i мужчына.  «Чалавек, як асоба адзiны, але ў аснове сваёй ён траiчны (цела —розум (дух) — душа), пры гэтым цалкам рэалiзавацца ў сваiм iснаваннi ён можа толькi ў пары  — у шлюбе. Якраз мужчына i жанчына ў iх узаемасувязi ўвасабляюць важнейшы архетып Быцця  — еднасць Духу i Матэрыi».

Наша дзея падразумявае Гармонiю. Злучаныя бясконцым рухам Прыроды мужчына i жанчына  адкрываюць новую старонку Iснасцi. Увасобiўшыся ў дзецях, яны сiмвалiзуюць Працяг. Заварожаныя празрыстым сонца- варотам дзён,  мы далучаемся  да вогненнага купальскага карагоду, якi адлюстроўвае закон бясконцага прыцягнення,  што «пры-водзiць у рух i Зямлю i Хаос».

ПАГОСЦIШЧА. СПАСЦIЖЭННЕ ВЕЧНАСЦI

Нашы продкi-земляробы штогод назiралi, як зерне, пахаванае ў зямлю, узрастае новым коласам, вяртаецца у новым, лепшым вобразе, чым напачатку. Гэта стала падставай для устойлiвай веры ва ўваскрашэнне душаў пасля смерцi.  I тут мы бачым не прымiрэнне са смерцю, а ўсведамленне яе як неабходнага моманту бесперапыннага па-сутнасцi быцця: цела становiцца зямлёю, травою, пераходзiць у жывёлу, пасля ў чалавека, а душа адлятае да Сонца i, злiваючыся там з iншымi душамi, сагравае зямлю i зноў нараджае на ёй усё жывое.

Іншая форма iснавання памершага  — пераўтварэнне, змяненнне свайго вобраза ўяўлялася жывым звычайным i абавязковым. Яны пазнавалi сваiх дзядоў па подыху ветра, па шапаценню дрэў, у кожным узыходзе сонца i месяца, у кожнай зорцы. Сляды iх яны знаходзiлi ўсюды, хаця б на тым жа каменi-следавiку, ля якога i завяршаецца наша падарожжа у Сусвет.

Няма пачатку, няма канца, толькi вечны паўтор: «Бо як адасобiш смерць ад народзiнаў, калi яны ў адно iмгненне здзяйсняюцца, адно з другога вынiкаюць, як ноч з дня пачынаецца, а дзень са святла ўзнiкае… Таму памiнанне  — не асобная з’ява ў кругавароце дзён, не пра смерць толькi згадка, а жыццядзейнае звяно ў бясконцым ланцугу пераўтварэнняў сусветных, зачынаў i сконаў».

Музей «Палеская веда»2

Па матэрыялах пуцяводнiка па музею «Палеская веда» (аўтар – Ала Сташкевiч).

Фота Сяргея БАРАВIКА.

 


Viewing all articles
Browse latest Browse all 31433

Trending Articles