Пра тое, што мне патрэбна будзе сустрэцца з чалавекам выдатным, я ведала яшчэ да асабістага знаёмства з Марыяй Уладзіміраўнай ТАРАСЕНКА. Аднак факт, што жанчына, мама двух сыноў, ужо бабуля, – начальнік участка па апрацоўцы, сартаванні і дастаўцы паштовых адпраўленняў Мазырскага раённага вузла паштовай сувязі Гомельскага фiлiяла РУП «Белпошта», яшчэ і вельмі добрай і чулай душы чалавек з утоенымі задаткамі рэжысёрскага і кулінарнага майстэрства, выдаваў іншы бок яе партрэта, пакуль што закрытага.
РУП «Белпошта» – у лiку сусветных лiдэрау
Для флагманскага аператара «Белпошта» 2015 год знакавы: ён пазначаны 20-гадовым юбілеем. Па вялікаму рахунку, такая дата – яскравае па- цверджанне паўналецця прадпрыемства з яго прыгожым «маладым абліччам». Тут сёння прысутнічаюць самыя сучасныя тэхналогіі, электронныя паштовыя паслугі і іншыя новыя сэрвісы. Нездарма ж «Белпошта» па адзнаках міжнародных экспертаў надзейна ўтрымлівае высокую планку не толькі сярод дзяржаў СНД, але і еўрапейскіх краін. Згодна даследаванню, праве-дзенаму сусветным паштовым саюзам, «Белпошта» ўвайшла ў Топ-10 паштовых служб свету, у якіх электронныя паштовыя паслугі атрымалі найбольшае развіццё, заняўшы другое пачэснае месца. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што на паслугі «Белпошты» ёсць попыт, а значыць, у яе ёсць не толькі мінулае, а і перспектыўная будучыня. Дарэчы, у тым, што нацыянальны аператар мае такія высокія дасягненні, ёсць доля кожнага, хто, як і наша суразмоўца, можа сёння з гонарам і поў-ным правам прылічыць сябе да шматтысячнай арміі беларускіх паштавікоў. Марыя Уладзіміраўна на працягу доўгага часу з задавальненнем расказвае мне пра нюансы паштовай службы, людзей, звязаўшых свае лёсы з гэтай сферай. Вось толькі гаварыць пра сябе ёй замінае лішкавая сціпласць. Але ж апошні аргумент, што яна як кіраўнік падраздзялення належыць не асабіста сабе, а паштовай галіне, відаць, адыграў сваю ролю, пасля чаго наша нетаропкая гаворка пра юнацтва, учарашнія, сённяшнія і заўтрашнія днi пацякла, нібы вада ў Прыпяці.
«Ой, калiна, ой, малiна…»
У палескай вёсачкі з прыгожай назвай Калінавае, якой Марыя Тарасенка абавязана сваім дзяцінствам, не менш цікавая біяграфія, як і ў самой жанчыны. Да 1964 года вёска называлася Воўчае, таму што пасяленне акружалі непраходныя балоты, лясныя зараслі, асабліва зімой, у Піліпаўку, наваколле сатрэсвалі галодным працяжным завываннем воўчыя зграі. З расказаў бабулі Надзеi дзяўчынка ведала, што з цягам часу людзі балоты асушылі, зараслі высеклі, а вёску Воўчае перайменавалі ў Калінавае. Можа, назвалі так таму, што навокал расло шмат каліны? А можа, таму, што жыхары яе славіліся дабрынёй, гасціннасцю і працавітасцю, – неаднаразова задавала сабе пытанні дзяўчынка. Вечарамі жанчыны збіраліся ў хатах (кожны раз у іншай) на вячоркі: хто праў кудзелю, хто вышываў, хто кроснамі пастукваў… Заўсёды праца суправаджалася павольнай песняй. Марыі падабаліся многія, але ж чамусьці запомнілася вось гэтая, пра жаночую долю: «Ой, каліна, ой, маліна, у рэчцы талая вада. Ты скажы, скажы, каліна, як папала ты сюда…»
Менавіта з Калінавага, гэтага чароўнага кутка беларускага Палесся, брала свае вытокі малая радзіма Марыі. Ад года ў год мацнелі яе любоў да родных мясцін, павага ды руплівых і працавітых землякоў, у ліку якіх былі і яе бацькі, калгаснікі. Запомнілася, што палі навокал вёскі былі засеяны льном, жытам, бульбай і кукурузай. Яны з братам стараліся дапамагчы бацькам па гаспадарцы, у агародзе, а таксама на калгасных сотках.
Чаму бываць, таго не мiнаваць
Дзяцінства прамільгнула, нібы тая камета. Новым светам у акне пасля роднай вёскі (на жаль яна ўвайшла ў разрад неіснуючых пасля аварыі на ЧАЭС) для дзяўчынкі і яе аднагодкаў стала Некрашоўка. Сюды, за тры кіламетры, яны малыя штодня і ў снег, і ў дождж цягнуліся ў пачатковую школу. Калі атрымоўвалася, то бацька Марыі, калгасны шафёр, падвозіў дачку з яе сяброўкамі, а назад дзеці вярталіся пешшу. Ім гэта нават падабалася, таму што на ўскрайку вёскі стаяў будынак пошты, які нельга было абмінуць…
– Мы заходзілі туды не толькі таму, каб сагрэцца, – расказвае Марыя Уладзіміраўна, – а больш дзеля назірання за руплівай і заклапочанай працай паштавіц. Куплялі там сабе ў калекцыю новыя маркі, святочныя паштоўкі, каляровыя шарыкі…
Цёткі Соня і Шура прывыклі да візітаў малых «кантралёраў», сустракалі іх заўсёды ветла, цікавіліся поспехамі ў вучобе. А калі ад будынка пошты
ад’язджала машына, пазначаная белай палоскай, то перад вачыма дзяцей у адзяленні пачыналася чароўнае дзейства: з вялізнага меха (нібы ў той казцы, дзе з рога ўсяго многа) вытрэсваліся шматлікія газеты, часопісы, пісьмы, паведамленні… Спрытныя рукі аператара і паштальёнкі раскладвалі ўсё гэтае дабро роўнымі стопачкамі і распісвалі адрасатам пэўныя выданні. Такія моманты зачароўвалі і Марыю, у галаве якой з таго часу пасяліліся думкі аб будучай прафесіі. Перад сном, толькі закрывала вочы, мроіла, што некалі і яна будзе займацца такой справай.
– Яшчэ я любіла сустракаць паштальёнку каля дома, каб атрымаць у рукі карэспандэнцыю, дыхаючую свежай тыпаграфскай фарбай, пагартаць новую «Бярозку» альбо пачытаць «Зорку», каб потым паспрабаваць сваё аўтарскае пяро на старонках цікавых дзіцячых выданняў. Асаблівую асалоду дастаўлялі паведамленні ад бацькавай сястры з Мурманска. Цётка Галя радавала нас рыбнымі дэлікатэсамі і іншай смакатой. Для мяне быў цуд, што пра ўсё мы даведваліся з дапамогай пошты і нават пасылкі атрымлівалі.
Шляхi, якiя мы выбiраем
Пасля некрашоўскіх універсітэтаў за ведамі Марыі прыйшлося хадзіць у вёску Кочышчы (7 км). Але ж час не ішоў, а нібы ляцеў. Гэта было заметна па дрэвах, якія садзілі калісьці Марыя з братам. Трэба было задумвацца пра новы накірунак у жыцці. Мару, пасеяную ў раннім дзяцінстве, узмацніла сяброўка, якая атрымлівала прафесію аператара паштовай сувязі ў Брэсце. Прыязджаючы на канікулы, яна расказвала Марыі пра горад і вучылішча. Менавіта туды і падала дзяўчына дакументы пасля васьмі класаў. Брэст сустрэў яе сур’ёзным поглядам горада-героя, якому прыйшлося трымаць абарону ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Марыя ж у свае 15 год была таксама надзвычай сур’ёзным чалавекам і лічыла, што выбралася ў гэты прыгожы горад Беларусі зусім не «за песнямі», а за прафесіяй, пра якую марыла з дзяцінства. Лічыла, што паштовая сфера – гэта яе справа на ўсё жыццё. Так і выйшла. Вучылася добра. Куратар разам з аднагрупнікамі, заўважыўшы ў дзяўчыне лідэрскую жылку, выбралі яе старастам. Шмат цёплых успамінаў пакінула ў памяці студэнцкае жыццё: цікавыя экскурсіі, сустрэчы, капуснікі з песнямі пад гітарныя акорды… Усе лепшае хоць хутка праходзіць, але застаецца назаўсёды ў патаемных закутках памяці. 1986-ы стаў для выпускнікоў не толькі годам размеркавання, але і смутку. Чарнобыльская трагедыя чорным крылом накрыла вялізныя тэрыторыі Беларусі, вёскі і гарады. Хоць душу Марыі аха-піла трывога за родны край, але ўсё роўна хацелася атрымаць размеркаванне бліжэй да дому. На жаль, ні ў Ельску, ні ў Мазыры вакансій не знайшлося, таму лепшым варыянтам стаў Гомель. Праз нейкі месяц учарашняй выпускніцы прапанавалі пасаду намесніка начальніка АПС-4 Гомельскага паштамта. Тут, як кажуць, яна па ўсіх правілах прайшла курс «маладога байца». Былі моманты, калі не ўсё атрымлівалася, то давала волю слязам. Але ж не адчайвалася і не здавалася. Аналізавала свае памылкі і думала, як працаваць далей. З цяжкасцямі дапамагалі спраўляцца ўпартасць, сіла волі і моцная любоў да прафесіі. Менавіта тады адшліфавала свой дэвіз, актуальны і зараз: «Вучонымі не нараджаюцца, вучонымі становяцца!»
Праз год – новы паварот
Гомельскі «плацдарм» атрымаўся добрым стартам у паштовую сферу для Марыі Тарасенка, але ж лёсам ёй было наканавана закладваць надзейны падмурак сваёй будучыні ў Мазыры. Па-першае, у раённым вузле якраз з’явілася вакансія аператара сувязі, а па-другое, адносіны з хлопцам, ня-гледзячы на зімовы холад, сталі больш цёплымі і чулымі. Уладзімір да будучай жонкі прыглядваўся, як кажуць, і на рабоце, і ў карагодзе. То забягаў на тэлеграф, дзе яна прымала альбо адпраўляла тэлеграмы, каб палюбавацца яе спрытнасцю, то вечарам вёў на танцы. Але нікому не дазваляў нават глянуць у яе бок. Каб не застацца «з носам», пазваў замуж…
Відаць, шмат вады ўцякло з таго часу ў Прыпяці, таму што сям’я Тарасенка, у якой два дарослыя сыны – Кірыл і Андрэй, нявестка Валянціна і ўнук Ягор, у наступным годзе будзе ўжо адзначаць 30-годдзе сумеснага жыцця. Амаль такі ж у Марыі Тарасенка працоўны стаж у паштовай сферы.
На кожнай ступенi – свая спецыфiка
– Ёсць моманты, – гаворыць мая субяседніца, – якія не забываюцца на працягу ўсяго жыцця. Вось гэты кур’ёзны момант, які адбыўся на старце майго кар’ернага росту ў Мазыры, памятаю і зараз. У аддзяленні №12, дзе я працавала тэлеграфісткай, было 5 Марый. Каб не блытацца і не звяртацца да калег па прозвішчы, наконт сябе я прапанавала: «Завіце мяне проста Марынай». З таго часу так і замацавалася за мной два імені: па пашпарту – Марыя, а па службе – Марына. Ну, а калі больш сур’ёзна пакапацца ў памяці, то нельга не ўспомніць імёны калег, якія ў свой час аказалі пэўны ўплыў на фарміраванне майго характару і станаўленне асобы, паспрыяўшых росту і прафесійнаму майстэрству. Гэта ж рыбу, як кажуць, не трэба вучыць плаваць, а на прадпрыемстве на кожнай ступені – свая спецыфіка. Я заўсёды была ўдзячна за добрыя парады сваім настаўнікам, больш вопытным калегам, былому і цяперашнему кіраўніцтву. У ліку людзей, якіх мне хочацца ўспомніць добрым словам, М.М.Цэдрык, Г.А.Рубан, Н.З.Мажароўская, В.Г.Каваленка, С.П.Захаранка, М.М.Сакун і іншыя.
З красавіка 1987 па кастрычнік 2011 гг. М.Ул.Тарасенка пераадолела розныя ступені кар’ернага росту: аператар сувязі, сартыравальнік паштовых адпраўленняў 3-га, а потым – 2 класа, аператар сувязі 2 і 1 класаў, начальнік 2 перасоўнага аддзялення, намеснік начальніка ўчастка сартыроўкі, а з кастрычніка 2011 г. яна ўзначальвае ўчастак, дзе ёсць свае правілы, цяжкасці і тонкасці працы. У 1998 годзе без адрыву ад вытворчасці скончыла вышэйшы дзяржаўны калледж сувязі, накапіла багаты вопыт, стала аўтарытэтным членам вялікага калектыву Мазырскага РВПС.
Сартыроука
У паштовай сферы ёсць прафесіі, якія навідавоку, а ёсць і такія, як сартыроўка, зусім непрыкметныя для абывацеля. Напрыклад, не ўсе ведаюць, што любыя адпраўленні, перш чым патрапіць у рукі адрасату, праходзяць досыць доўгі і складаны шлях.
– Калі згодна з патрабаваннямі лю-дзям, якія працуюць на дадзеным участку, даць характарыстыку, – разважае М.Ул.Тарасенка, – то ім уласцівы тры галоўныя якасці: адказнасць, прафесіяналізм і своечасовасць. І з гэтым, прасачыўшы за працай аднаго дня ўчастка, нельга не пагадзіцца.
Рабочая змена для сартавальнікаў, аператараў і паштальёнаў тут пачынаецца ў 4.30, таму што ў 4.40 на разгрузку ўжо прыбывае першая машына з паштовымі адпраўленнямі з Мінска, потым (у 5.00) другая – з Гомеля. Людзей на працу дастаўляе дзяжурная машына. Пошта аператыўна прымаецца, а затым на ўчаст-ку пачынаецца вытворчы працэс, у якім штодня задзейнічаны 9 сартавальнікаў, 4 аператары і 3 паштальёны па суправаджэнню. Дарэчы, што-дня на ўчастак паступае да тысячы і больш паштовых адпраўленняў (пасылкі, бандэролі, дробныя пакеты), ад 500 да 800 адзінак заказной карэспандэнцыі і больш за 1,5 тысячы простай. На сённяшні день, акрамя 13 гарадскіх і 19 раённых, участак сартавання Мазырскага РВПС абслугоў- вае яшчэ 3 гарадскіх і 14 раённых аддзяленняў г. Ельска, 2 гарадскіх і 7 раённых аддзяленняў г. Нароўлі. Да 8.30 усе паступіўшыя на ўчастак адпраўленні павінны быць разабранымі, разсартаванымі па назвах, адрасах дзеля таго, каб своечасова 9 машын з лагатыпам «Белпошта» адправіліся па сваіх маршрутах. На сённяшні дзень усе населеныя пункты рэгіёна ахоплены працай 8 перасоўных ад-дзяленняў сувязі, каб кожны жыхар нават самага аддаленага хутарка мог атрымаць свежую карэспандэнцыю або неабходныя электронныя паштовыя паслугі. Яшчэ адна машына забяспечыць дастаўку пошты па гораду, а таксама ГСП і ў прамысловую зону. Усе працэсы па-свойму складаныя, але да мінімуму адпрацаваныя. Дзякуючы прафесіяналізму спецыялістаў участак штодзённа забяспечвае бесперабойную працу дадзенага накірунку РВПС.
– Нашу працу сёння ў значнай ступені палягчае тэхніка, – адзначае М.Ул.Тарасенка. – Скажам, усе лісты, акрамя мясцовых, сартуюцца ў Мінску спецыяльнай машынай. Вось чаму важна пісаць разборліва адрас і абавязкова індэкс.
– Ці цяжка быць кіраўніком амаль абсалютна жаночага калектыву, і якімі якасцямі характару ён па-вінен валодаць? – цікаўлюся ў Марыi Уладзіміраўны.
– На мой погляд, у першую чаргу, трэба быць чулым і ўважлівым, а па-другое, дэмакратычным, схіляючым галаву перад прафесіяналізмам, талентам, ідэйнасцю. Ну і вядома ж, прыстойным, паважаючым у кожным працаўніку асобу. Гэта вельмі важна для таго, каб чалавек адчуваў сябе годным спецыялістам і ішоў на працу з задавальненнем. Бо праца і сям’я – дзве састаўляючыя чалавечага жыцця. Калі падначаленыя адчуваюць такія адносіны, то і цяжкасцей не існуе. Ёсць узаемаразуменне.
Гэта, насамрэч, так. І вельмі важна, што калектыў дадзенага ўчастка сёння папаўняецца маладымі спецыялістамі, якія імкнуцца пераняць навыкі і вопыт ветэранаў. Як бы ні развіваліся імкліва новыя тэхналогіі, але пошта ва ўсе часы будзе займаць сваё месца ў жыцці грамадства.
Чытаючы гэтыя радкі, магчыма, хтосьці, як і Марыя Тарасенка ў дзяцінстве, абярэ сабе прафесію аператара паштовай сувязі і пранясе яе праз усё жыццё, абраміўшы яе новымі фарбамі і гранямі. Нічога не зробіш: кожнаму сваё!

Сартыравальнікі 3 класу сваю справу ведаюць: Н.А.Грыбоўская, С.Р.Русак, З.А.Папок, Е.І.Сікорская, Е.М.Чуйко, С.П.Захаранка, В.Р.Сарока.

А зараз можна і ў дарогу: А.М.Ероменка (аператар, суправаджаючы пошту), аператары паштовай сувязі І.Л.Даленчук (1 класу) і М.А.Вінічэнка (3 класу).
Наталля КАНОПЛIЧ
Фота аўтара i Аляксандра САЛАДКОВА