«Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе. Хто забыў сваю мову – усё згубіў»
Ул. Караткевіч.
Мова шчырая… Мілагучная…
Жаўрукамі гаворкі звіняць.
Хто сказаў пра яе, што – нязручная,
Каб штодзённа на ёй размаўляць?
…Мова цёплая… Мова матчына…
Ў кожным слове – свая прыгажосць.
Мы павінны быць лёсу ўдзячнымі
І за тое, што мова ў нас ёсць…
Таццяна Дзям’янава.
Я – карэнная беларуска. Мае бацькi пачыналi свой працоўны шлях настаўнiкамi ў беларускамоўнай вясковай школе. Родная мова заўсёды гучала ў хаце. Я з дзяцiнства захаплялася творамi пiсьмен-нiкаў Шамякiна, Караткевiча, Мележа, Крапiвы i iншых. Дома было шмат кнiг беларускiх аўтараў. На жаль, у цяперашнi час вельмi рэдка можна сустрэць чалавека, якi заўсёды размаўляе па-беларуску. Мабыць, гэта магчыма толькi дзесьцi ў вёсцы. Вельмi сумна, што ў горадзе можна пачуць толькi ў транспарце: «Паважаныя пасажыры, наступны прыпынак…»
Калi я прыязджаю да сяброў i родных на Украiну, яны часта просяць мяне расказаць што-небудзь па-беларуску. I заўсёды з цiкавасцю i вялiкiм задавальненнем слухаюць вершы, байкi. Iм вельмi падабаецца само гучанне. I таму я не раз пытала сябе, чаму ўкраiнцы ўвесь час размаўляюць на сваёй роднай мове, а мы, беларусы, – не? Сярод старэйшага пакалення яшчэ можна пачуць такую гаворку, а ў асяроддзi маладых людзей гэта не прынята зусiм, непрэстыжна.
Я люблю слухаць музыку розных напрамкаў. Нядаўна для сябе адкрыла выканаўцаў, што спяваюць па- ўкраiнску: «Океан Ельзи», Скрабiн, гэта надае iм асаб-лiвы каларыт. Зноў параўнанне не ў нашу карысць – айчынных музыкантаў такога ж узроўню, настолькi ж папулярных сярод моладзi ў нашай краiне, на мой погляд, проста няма. Каб заваяваць аўдыторыю, некаторыя беларускiя гурты спяваюць, напрыклад, …па-англiйску. А самi назвы iх чаго вартыя – Atlantica, Da Vinci, J-Mors i iнш. Ну нiколi не здагадаешся, адкуль яны родам. Думаю, у пагонi за папулярнасцю гэтым яны толькi губляюць сваю самабытнасць.
У апошнi час лаўлю сябе на думцы, што мне самой становiцца цяжка падбiраць словы, прыходзiцца доўга ўчытвацца ў правiла ў падручнiку, каб растлумачыць сыну, як выканаць дамашняе заданне па беларускай мове, нягледзячы на тое, што ў школе па гэтаму прадмету я атрымлiвала заўсёды выдатныя адзнакi. Сказваецца адсутнасць штодзённай практыкi. На жаль, i колькасць самiх урокаў зусiм малая, у адрозненнi ад замежнай мовы. Таму дзецi i маюць цяжкасцi з вывучэннем. Аб гэтай самай праблеме нядаўна выказаўся наш Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён вёў гутарку аб аптымiзацыi сiстэмы адукацыi i, ў пры-ватнасцi, падкрэслiў, што трэба ў школе выкладанню беларускай мовы даць больш гадзiн, а таксама выказаў думку аб стварэннi беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы.
Ёсць i добрыя прыклады. У нашым горадзе на бiлбордах можна пабачыць сацыяльную рэкламу «Смак беларускай мовы». Вялiкiя малюнкi прымушаюць успомнiць, што такое «кавун», «ажыны», «шыпшына», «агрэст», «журавіны» і «суніцы». Кіраўніцтва прадпрыемства «Белзнешрэклама», якое і стварыла рэкламу, тлумачыць свой выбар так: «Беларуская мова мае непараўнальнае зачараванне, сака-вітае гучанне, спецыфічны каларыт, гэта сапраўды ўнікальная мова, самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх моў». Якiя цудоўныя словы! З iмi немагчыма не пагадзiцца. Так i хочацца сказаць: малайцы, так трымаць! I пажадаць поспехаў у рабоце ў гэтым напрамку.
Што ж яшчэ зрабiць, каб наша мова стала больш папулярнай, каб на ёй размаўляла больш нашых суайчыннiкаў? Думаю, у першую чаргу, трэба пачынаць з сябе тым, хто добра валодае, карыстацца мовай паўсюдна. I, безумоўна, па-вiнна быць большая падтрымка на дзяржаўным узроўнi ўсiх добрых пачынанняў.
Мы, беларусы, жывём у роднай краіне, у нас свая, адметная ад iншых, гісторыя. Наша мова непаўторная, уласцівая толькі нашаму народу, гэта скарбонка векавой мудрасцi. Трэба заўсёды памятаць: яна робіць нас не падобнымі на іншых. Шанаваць, зберагчы i не згубiць родную мову – духоўны набытак для нашчадкаў – гэта тое, што мы павiнны абавязкова зрабiць.
Алена ШУЦIК