Давайце паспрабуем атрымаць асалоду ад яго гучання.
… Слова! Цуд найвялікшы між цудаў-дзівосаў,
Што здзіўляў у вяках і здзіўляе нанова.
Трапяткое, жывое, як сонца ў росах,
Несмяротнае, роднае матчына слова!..
Ніл Гілевіч
Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
Мова яднае людзей у адзiн народ, у адну нацыю. Беларуская мова – гэта наша родная мова. Жыццё грамадства нельга ўявiць без мовы. Людзi гавораць, пiшуць, абменьваюцца думкамi. З самага ранняга дзяцiнства песнi мацi, казкi бабулi становяцца нашымi спадарожнiкамi. Народны паэт Беларусi Якуб Колас роднае слова лiчыў той крынiцай, з якой пазнаецца жыццё, навакольны свет, таму што гэта аснова адукацыi, чалавечага розуму i, што вельмi важна, – пачуццяў. На яго думку, чужую мову можна вывучыць i нават думаць на ёй, а вось адчуваць – толькi на роднай. Толькi на роднай мове можна выказаць радасць i захапленне. Беларуская мова выразная, вольная, пявучая. Каранямi сваiмi яна ўрасла ў гiсторыю нашага народа. Разам з iм перажыла боль i трагедыi, часiны радасцi i ўзлету. На беларускай мове створана багатая мастацкая лiтаратура, выдаюцца шматлiкiя слоўнiкi, энцыклапедыi, зборнiкi фальклору. Развiваецца, удасканальваецца i змяняецца грамадства –змяняецца i мова. Асаблiва прыкметныя змены назiраюцца ў лексiцы: на больш высокую ступень узнiмаецца навука, тэхнiка, вытворчасць, i ўзнiкаюць новыя словы, якiя называюць новыя паняццi, прадметы, дзеяннi. Але адносiны да роднай мовы не могуць выклiкать трывогi. Сучасныя нiгiлiсты iмкнуцца ачарнiць, прынiзiць беларускую мову, называюць яе неперспектыўнай, вясковай. Ёсць бацькi, якiя забараняюць дзецям купляць i чытаць кнiжкi на беларуская мове, хаця самi яны беларусы i толькi ўчора пакiнулi вёску. Такiя адносiны да мовы склалiся не сёння, але распаўсюдзiліся настолькi, што зараз на чалавека, якi размаўляе па-беларуску, глядзяць як на iншаземца. Усе пачынаецца з сям’i, з дзiцячага садка, з першых школьных гадоў, з месца, дзе жывеш. I калi дзiця штодзённа чуе адмоўныя адносiны да роднай мовы, то можна быць упэўненым, што яго нiколi не будзе цiкавiць прыгажосць слова, якiм бы яно нi было – беларускiм, рускiм цi якiм-небудзь iншым. Той, хто не ведае роднай мовы, бязграматна выказвае свае думкi i па-руску. I наадварот, хто валодае роднай мовай, лёгка спраўляецца з рускай, бо гэтыя мовы роднасныя. Вельмi памылковы аргумент некаторых бацькоў, што вывучэнне беларускай мовы павялiчвае колькасць рускамоўных памылак. Гэта адбываецца з-за адсутнасцi сiстэматычнага вывучэння мовы. Таму што беларускую мову i лiтаратуру лiчаць другараднымi прадметамi, а замежную ставяць вышэй роднай. Многiя вучнi дрэнна валодаюць роднай мовай. Чаму? На маю думку, таму, што карыстаюцца ёю толькi на ўроках, ды i то не кожны дзень. Гэта адна бяда ў школе. Другая бяда – ў пачатковых класах працуюць настаўнiкi, якiя недасканала валодаюць беларускай мовай, а засвойваюць яе разам з вучнямi. Трэцяя бяда – гiсторыю, геаграфiю, бiялогiю і матэматычныя прадметы выкладаюцца на рускай мове. У народзе кажуць, што i мудрасцi можна навучыць. А хiба ж нельга навучыць любiць родную мову, карыстацца яе багаццем, даць зразумець, што мудрасць народа i яго мова працягваюць i дапаўняюць адна адну?.. Мова народная – тая невычэрпная крынiца дабрынi, любовi i павагi да роднага краю, якую трэба ўвесь час старанна даглядаць, клапацiцца, каб не знiкла яе жыватворная сiла. Мову беларускага народа вывучаюць i нашы пабрацiмы – рускiя i ўкраiнцы. Вось выказваннi вучня горада Iзяслава Хмельнiцкай вобласцi Iгара Панiчава: «Мова нашых пабрацiмаў такая мiлагучная, напеўная, што я хачу на ёй не толькi навучыцца чытаць, але i пiсаць, дэкламаваць вершы, спяваць песнi».
Добра, што гэта разумеюць усё больш і больш маладых людзей. Беларускае слова ў апошнi час выразней загучала ў Дамах культуры, у студэнцкiх iнтэрнатах, бiблiятэках i ў гарадскiм транспарце. Чалавеку, якi ўпершыню прыязджае ў Мазыр, цяжка паверыць, што наш горад – цэнтр беларускага Палесся. Вельмі хочаца каб і на старонках газеты «Жыццё Палесся» часцей з яўляліся матэрыялы на роднай мове на тэму выхавання, любовi да роднага краю, беларускага слова, культуры. Патрэбна каб роднае слова больш гучала таксама і ў эфіры раённага радыё і на тэлеканале «Мазыр». Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету. Дык давайце ж не дадзім загінуць ёй, жывой і непаўторнай, «з легендаў і казак» сатканай, «вобразнай, вольнай, пявучай», цудоўнай роднай мове. Давайце паспрабуем атрымаць асалоду ад яе гучання і размовы.
Слова песні крылатай і прыказкі мудрай,
Слова клятвы на вернасць, прысягі суровай.
Слова гонару, доблесці, святаў і будняў.
Міру, дружбы, братэрства набатнае слова!
Слова ў вуснах і ў кнізе, на медзі скрыжаляў,
На агністым сцягу, на пліце мармуровай.
Слова гневу і помсты, пяшчоты і жалю –
Любай Маці-Радзімы вячыстае слова!..
Вiктар ФЯСЬКО,
ветэран педагагiчнай працы.