Quantcast
Channel: МОЗЫРЬ NEWS
Viewing all articles
Browse latest Browse all 31372

Я нарадзiўся на гэтай казачнай зямлi…

$
0
0

Нил ГилевичДа 85-годдзя з дня нараджэння Ніла Сямёнавіча Гілевіча.

Казачнай зямлёй Ніл Гілевіч называў Беларусь. Хіба не так?.. З шырокімі палежкамі, з зяленымі лясамі, з сінімі стужкамі рэк, з квяцістымі лугамі, з палянамі ў бялюткіх рамонках, з блакітнымі вочкамі балот, азярын.

Не толькі багата нашая зямля на прыгажосць прыроды. Гэта край паэтаў, пісьменнікаў, аматараў, абаронцаў роднай мовы і духоўнай спадчыны беларусаў. У гэтым я ўпэўнілася, калі была запрошана на ўстановачны з’езд Таварыства беларускай мовы. Запрашэнне было за подпісам Ніла Гілевіча. На ўсё жыццё запомніла гэты дзень, 27 чэрвеня 1989 г. Упершыню ўбачыла вялікую сям’ю беларускага пісьменства, абаронцаў мовы, аматараў роднага матчынага слова.

З вучнёўскай зацікаўленасцю слухала пісьменніка. «Клопат пра мову — клопат пра будучыню нацыі», — такая была тэма яго даклада. Тут жа ў думках згаджалася з Нілам Гілевічам, што заўсёды прадстаўніка нацыі пазнаюць па яго мове, па нацыянальным адзенні, па культурнай спадчыне — песнях, танцах, нават па любімых стравах (найбольш папулярная ў нас — дранікі)…

Як сын, трывожна гаворыць Ніл Гілевіч: «Не стане ў народа ўласнай мовы, а гэта значыць, уласнай душы — не стане і самога народа, і самой Беларусі. Які ж свядомы грамадзянін Бацькаўшчыны змірыцца з гэтым? Я магу быць удзячным лёсу, што гэтую ісціну зразумеў своечасова, яшчэ ў маладосці. Вядома, як літаратар, як навукоўца, як настаўнік студэнтаў, рабіў усё, што мог, каб яе зразумелі і іншыя. У гэтым бачыў свой найпершы, галоўны абавязак».

І сёння ідуць поруч мовы-сёстры, мовы-сяброўкі, мовы-славянкі: беларуская і руская, дзяржаўныя мовы нашай краіны.

Ніла Гілевіча ведаем як дзяржаўнага дзеяча, яго хвалявалі пытанні экалогіі, эканомікі, сацыяльнай сферы. Але напружаная грамадская работа не перашкаджала творча працаваць у літаратуры: пісьменнік знаходзіў час і сілы, каб ствараць новыя творы. А творы яго былі перакла-дзеныя на рускую, украінскую, польскую, сербскую і другія славянскія мовы.

Перастала біцца сэрдца Ніла Гілевіча ў сакавіку 2016 года. З болем развітаўся беларускі народ з дбайным грамадскім дзеячам і любімым паэтам.

Творы яго — духоўны працяг жыцця. Я з удзячнасцю лёсу ўспамінаю той дзень, калі зблізу ўбачыла пісьменніка — такога простага, такога таленавітага…

Высокі, прыгожы, статны, з стрэшкамі-бровамі над добрымі вачыма, велічны, адкрыты, прыветлівы субяседнік, дарадчык. Такім ён застанецца ў маёй памяці назаўжды.

Раіса МІЛУН, педагог-ветэран.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 31372

Trending Articles