Чаму я мову гэтую абрала?
На ёй мне шэпча казкі вецярок.
На ёй салоўку ўлетку падпявала
Пра «аксамітны зорны вечарок».
Чаму я мову гэтую абрала?
У творчы свет з яе пляту вянок.
Яе ўслаўлялі Колас і Купала,
На ёй гаворыць чыста мой сынок!
Таццяна ЦВІРКА.
Ах, якая ж цудоўная наша родная беларуская мова! Як жа гучыць яна мілагучна, як чаруе і прываблівае сваёй шчырасцю і цеплынёй. Мы, беларусы, павінны разам з сапраўднымі патрыётамі — нашымі паэтамі i пiсьменнiкамі — зберагчы родную мову дзеля нашчадкаў.
Станаўленне беларусаў праходзiла вельмi складана. Нашу мову многiя лiчылi дыялектам рускай. У мінулым Беларусь уваходзiла ў склад Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рэчы Паспалiтай, дзе галоўнай мовай лiчылася польская. Але ж народ верыў у будучыню. Менавіта гэтую ідэю падкрэсліваў у сваім вершы Максім Танк: «Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваiм…» I сапраўды, мы змаглi зберагчы беларускую мову ў цяжкі час, а таму і сёння не трэба аднеквацца ад яе. Мaбыць, тыя, хто не хоча ведаць яе дасканала, не імкнуцца быць больш адукаванымі. Я лічу, што веданне беларускай мовы — гэта паказчык інтэлігентнасці.
У нашым свеце ёсць каля шасці тысяч розных моў, i кожная з iх адлюстроўвае традыцыi, культуру і самабытнасць народа. Але палова з гэтыx моў знаходзіцца на мяжы знікнення. Калі мова — душа народа — знікне, то знікне і культура, а з ёй і духоўнасць.
«Песню сваю, мову сваю я да грудзей прытульваю» — вось як узносіць родную мову Пімен Панчанка. Давайце ж берагчы мову і шанаваць яе. Гэта можна пачаць з сённяшняга дня, проста будзем размаўляць па-беларуску!
Селiна ЧАРНОВА,
член клуба «Юны журналiст» МЦТДіМ.